«Сцяг пераможны – радасці сцяг!»
Конкурс пад такой назвай праведзены ў нашым раёне напярэдадні Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Гэтае свята ўстаноўлена ў азнаменаванне прыняцця рэспубліканскім рэферэндумам 14 мая 1995 года дзяржаўнай сімволікі і адзначаецца штогод у другую нядзелю мая. Дзяржаўныя сімвалы з’яўляюцца люстэркам нацыянальных каштоўнасцей і ідэнтычнасці народа, раскрываюць яго душу, гісторыю і памкненні.
Трыадзінства сцяга, герба і гімна нясе ў сабе гістарычную пераемнасць паміж мінулым, сучаснасцю і будучыняй нашай дзяржаўнасці. Менавіта ў такім спалучэнні яны павінны ўвесь час прысутнічаць у нашым жыцці, натхняючы на мірную працу ў сінявокай Беларусі.
Рэспубліканскі конкурс «Сцяг пераможны – радасці сцяг!» ініцыяваны і праводзіцца грамадскім аб’яднаннем «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі», яго галоўная мэта – павысіць інтарэс маладога пакалення да дзяржаўнай сімволікі праз выкарыстанне
займальнага фармату мерапрыемства.
– Конкурс напярэдадні Дня Дзяржаўнага сцяга, Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь сярод моладзі Іванаўшчыны мы арганізоўваем не першы раз, – паведамляе Аліна Сідаровіч, першы сакратар райкама ГА «БРСМ». – Хлопцы і дзяўчаты дасылалі нам свае фотаздымкі і відэаролікі з дзяржаўнымі сімваламі ў шасці намінацыях. Усяго надышло больш за 30 крэатыўных і арыгінальных работ. Выказ-
ваю словы шчырай падзякі нашым актыўным і таленавітым землякам.
На гэтым тыдні журы вызначыла пераможцаў. Так, у намінацыі «Пад сцягам Беларусі» першае месца заняла Ангеліна Парфеявец, другое – Арсеній Літвінчук, трэцяе – Марыя Кананчук; у намінацыі «Твары Беларусі» першае месца ў Анастасіі Курган, другое – у Наталлі Місюты, трэцяе – у Марыі Міховіч; у намінацыі «Сцяг Беларусі – сцяг Перамогі» першае месца ў Ірыны Кірыловіч, другое – у Таццяны Райкевіч, трэцяе – у Аляксандра Горчака; у намінацыі «Сямейны фотаздымак са сцягам» першае месца дасталася Юліі Самахавец, другое – Кіры Кудрашовай, трэцяе – Людміле Паліўка; у намінацыі «Малая радзіма пад сцягам Беларусі» першае месца заняла Анастасія Курган, другое – Ганна Дуль, трэцяе – Аліна Пуцыковіч. Сярод відэаролікаў «Гэта мой сцяг» тройка лідараў выглядае наступным чынам: першае месца ў Ірыны Упіравец, другое – у Арцёма Бухалка, трэцяе – у Марыі Крыштаповіч. Усе пераможцы атрымаюць граматы і падарункі ад арганізатара. Лепшыя работы прадставяць наш раён у абласным этапе конкурсу. Пажадаем поспехаў!

раскрыть » / « свернуть